Другі этап акцыі ў гасцініцы
Ведаць і выконваць правілы пажарнай бяспекі – абавязак кожнага грамадзяніна нашай Рэспублікі. Аднак часам незнанне элементарных асноў бяспечных паводзін прыводзіць да бяды. Каб скараціць рызыкі ўзнікнення агнявых надзвычайных сітуацый, а таксама з мэтай навучання насельніцтва асновам бяспекі, інспектар сектара прапаганды Бешанковіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дар'я Берастень сустрэлася з персаналам і пражываючымі мясцовай гасцініцы.
Інтэрактыўная гульня «Формула бяспекі» стала наглядным прыкладам таго, што бяда можа прыйсці ў любы момант, а таксама што самае невялікае адступленне ад правілаў цягне за сабой наступствы.
Не застаўся без увагі і парадак дзеянняў пры атрыманні сігналу «Увага ўсім!»:
– Пачуўшы сігнал «Увага ўсім!» варта неадкладна ўключыць радыё ці тэлевізар і праслухаць паведамленне. У ім будзе перададзена інфармацыя аб характары пагрозы і канкрэтныя рэкамендацыі па абароне і дзеяннях насельніцтва, – адзначыла інспектар.
Асаблівую ўвагу ратавальнікі ўдзелілі правілам развядзення вогнішчаў і нагадалі аўдыторыі, што згодна з дзеючымі правіламі пажарнай бяспекі дапускаецца разводзіць вогнішчы на прысядзібных участках пры ўмове забеспячэння бесперапыннага кантролю за працэсам гарэння і тлення. Месцы для развядзення вогнішчаў павінны быць ачышчаны ад гаручых рэчываў і матэрыялаў, сухой расліннасці і забяспечаны сродкамі тушэння. Па заканчэнні працэсу гарэння рэшткі гаручых (тлеючых) матэрыялаў павінны быць патушаны да поўнага спынення тлення.
Усім удзельнікам мерапрыемства была ўручана наглядна-выяўленчая прадукцыя па асновах бяспекі жыццядзейнасці.