Юлія Адамовіч прадставіць Бешанковіцкі раён на рэспубліканскім форуме «Жанчына і будучыня вёскі».
27 лютага 2026
Юлія Адамовіч прадставіць Бешанковіцкі раён на рэспубліканскім форуме «Жанчына і будучыня вёскі»
Знакавым мерапрыемствам у Год беларускай жанчыны стане форум «Жанчына і будучыня вёскі», які пройдзе ўжо 3 сакавіка па ініцыятыве Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
На форуме адбудзецца ўшанаванне жанчын з усіх раёнаў краіны. Бешанковіччыну прадставіць жыхарка аграгарадка Ржаўка, педагог Ржаўскай БШ імя Мірзы Гелавані Юлія Адамовіч.
Удзел Юліі Аляксандраўны ў такім маштабным мерапрыемстве падкрэслівае важнасць ролі жанчыны ў развіцці сельскіх тэрыторый. Форум стане пляцоўкай для абмену думкамі, выпрацоўкі новых падыходаў і, вядома ж, для выказвання падзякі тым, хто сваёй працай і энергіяй робіць жыццё ў вёсцы лепшым і больш перспектыўным. Перакананыя, што наша зямлячка годна прадставіць раён і вобласць (Юліі Аляксандраўне выпаў гонар выступаць у Палаце прадстаўнікоў ад імя ўсіх жанчын Віцебшчыны) і вернецца з новымі ідэямі і натхненнем.
Сама Юлія прызнаецца, што ў маладосці ёй хацелася жыць у горадзе, але муж Сяргей вельмі любіць працаваць на зямлі, таму сям'я засталася ў вёсцы.
«Я ні разу не пашкадавала аб тым, што жыву ў сельскай мясцовасці. Калі нарадзіліся дзеці, зразумела, што вёска — гэта лепшае месца для дзяцінства. Сёння мы маем усе магчымасці, каб нашы дзеці не адчувалі сябе горш за гарадскіх, — упэўненая Юлія Адамовіч. — Няважна, дзе ты жывеш — у горадзе ці вёсцы, важна, які ты чалавек. Я — чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй: адказна стаўлюся да сваёй працы, прымаю ўдзел у конкурсах і спаборніцтвах, вучу дзяцей быць актыўнымі грамадзянамі, любіць Радзіму. Я ганаруся сваёй краінай і люблю тое месца, дзе жыву!»
"Зара"