За калючым дротам: Памяць аб ахвярах і героях вызвалення

   Падчас акупацыі на тэрыторыі Беларусі фашысты арганізавалі больш за 260 лагераў ваеннапалонных і 350 лагераў, турмаў, іншых месцаў прымусовага ўтрымання грамадзянскага насельніцтва.

   Месцы прымусовага ўтрымання грамадзянскага насельніцтва нямецка-фашысцкімі захопнікамі былі створаны і на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна. Так, каля вёскі Бортнікі дзейнічаў лагер для яўрэйскага насельніцтва, у якім утрымлівалася 350-365 чалавек. У кастрычніку 1942 года ўсе вязні былі расстраляны. У 1944-м у гарадскім пасёлку Бешанковічы існавала турма, дзе фашысты ўтрымлівалі мірнае насельніцтва…

   На жаль, аднавіць пайменны спіс тых, хто загінуў у засценках турмы, хто развітаўся з жыццём у лагеры, практычна немагчыма. Як немагчыма нанесці на таблічку прозвішчы і імёны тых 50 невядомых ахвяр вайны, пахаваных у брацкай магіле пад №1597, размешчанай на вул. Мічурына ў Бешанковічах, дзе штогод 11 красавіка, у Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, праходзіць мітынг-рэквіем.

   «Гэта яшчэ адна нагода задумацца над тым, як важна зберагчы памяць аб тых, хто загінуў у гады ваеннага ліхалецця, перадаць гэтую памяць нашчадкам і ўпісаць яе ў генетычны код наступных пакаленняў», – адзначыў памочнік пракурора Бешанковіцкага раёна Ягор Чудакоў.

   Па заканчэнні мітынгу хвілінай маўчання ўдзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць загінулых і ўсклалі кветкі.

Памочнік пракурора

Бешанковіцкага раёна

юрыст 2 класа                                                                                                                    Я.Р.Чудакоў