За адмову сартаваць смецце можна атрымаць штраф

З 23 студзеня 2025 года ўступіла ў сілу Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21.01.2025 № 31 «Аб пытаннях абыходжання з камунальнымі адходамі», якой устаноўлена, што абыходжанне з камунальнымі адходамі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з тэхнічнымі патрабаваннямі тэхнічнага кодэкса ўсталяванай практыкі ТКП 17.11-08-2024 (33040/33140) «Ахова навакольнага асяроддзя і прыродакарыстанне. Тэхнічныя патрабаванні да абыходжання з камунальнымі адходамі» (ТКП 17.11-08-2024), які прызначаны для прымянення юрыдычнымі асобамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі, фізічнымі асобамі, якія з'яўляюцца вытворцамі камунальных адходаў і ажыццяўляюць абыходжанне з камунальнымі адходамі.

У адпаведнасці з патрабаваннямі ТКП 17.11-08-2024 асобнаму збору падлягаюць наступныя камунальныя адходы спажывання:

– адходы паперы і кардону;

– адходы шкла;

– адходы пластмас;

– адходы металу;

– драўняныя адходы;

– зношаныя шыны;

– раслінныя адходы;

– буйнагабарытныя адходы;

– будаўнічыя адходы;

– адходы электрычнага і электроннага абсталявання;

– адходы адпрацаваных масел;

– ртуцьзмяшчальныя адходы;

– харчовыя адходы;

– адходы элементаў харчавання;

– адходы лекавых сродкаў.

Размяшчэнне вышэйпералічаных адходаў у кантэйнеры, прызначаныя для змешаных камунальных адходаў, не дапускаецца. Таксама не дапускаецца размяшчэнне будаўнічых і раслінных адходаў у кантэйнеры для другасных матэрыяльных рэсурсаў. Парушэнне названых патрабаванняў цягне адміністрацыйную адказнасць у адпаведнасці з часткай 3 артыкула 16.44 КоАП РБ у памеры да трыццаці базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка – да ста базавых велічынь, а на юрыдычную асобу – да тысячы базавых велічынь.

Таксама не дапускаецца і цягне адміністрацыйную адказнасць спальванне камунальных адходаў насельніцтвам, за выключэннем часткі ствалоў выдаленых дрэў, пнёвай карнявой драўніны і раслінных адходаў на зямельных участках, якія належаць грамадзянам на праве ўласнасці або іншай законнай падставе, з захаваннем патрабаванняў пажарнай бяспекі.

Галоўны спецыяліст Бешанковіцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Т. Грыгор'ева