За рулём у стане алкагольнага ап'янення

Не існуе апраўдання тым, хто сядае за руль транспартнага сродку ў стане алкагольнага ап'янення. У выніку аварый, якія правакуюць п'яныя вадзіцелі, траўміруецца і гіне вялікая колькасць грамадзян.

За парушэнне правілаў дарожнага руху асобамі, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап'янення і кіруюць транспартнымі сродкамі, прадугледжана крымінальная адказнасць.

Так, у студзені 2019 г. прыцягнуты да крымінальнай адказнасці 44-гадовы жыхар Полацкага раёна К., які, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, кіраваў аўтамабілем ВАЗ-2101 і, парушыўшы правілы дарожнага руху на скрыжаванні аўтадарог М3 «Мінск-Віцебск» і Р113 «Сянно-Бешанковічы-Ушачы», здзейсніў сутыкненне з аўтамабілем «Газель», у выніку чаго аднаму з пасажыраў аўтамабіля ВАЗ-2101 былі прычынены цяжкія цялесныя пашкоджанні.

У судовым пасяджэнні было ўстаноўлена, што К., працуючы ў адной з сельскагаспадарчых арганізацый Полацкага раёна, падчас абедзеннага перапынку з двума іншымі работнікамі дадзенай арганізацыі распівалі спіртныя напоі, пасля чаго вырашылі з'ездзіць да сваякоў К. у Талачынскі раён.

К., які ніколі не меў вадзіцельскага пасведчання, сеў за руль, два яго сябры селі на пасажырскія сядзенні, працягнуўшы ў аўтамабілі распіваць спіртныя напоі. Рухаючыся па другараднай дарозе з г.п.Бешанковічы ў напрамку г.Сянно К. не зніжаючы хуткасці, без прыпынку выехаў на галоўную дарогу, дзе сутыкнуўся з аўтамабілем «Газель». Адзін з пасажыраў Р. без прытомнасці быў дастаўлены ў рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы, пасля было ўстаноўлена, што Р. прычынены цяжкія цялесныя пашкоджанні па прыкмеце небяспекі для жыцця.

Грамадзянін К. прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, яму прызначана пакаранне ў выглядзе 3 гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі тэрмінам на 5 гадоў. Прысуд уступіў у законную сілу.

Памочнік пракурора раёна

юрыст 2 класа А.Л. Кабачэўская