ЗАДАЧЫ НА ПЕРСПЕКТЫВУ

23 студзеня 2017 г. у пракуратуры Віцебскай вобласці адбылося пасяджэнне калегіі, на якім былі падведзены вынікі нагляднай дзейнасці за 2016 год. У рабоце калегіі прыняў удзел намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Дубоў А.В.

У сваіх выступленнях пракурор Віцебскай вобласці Сушчынскі В.В., намеснікі пракурора вобласці Сідаровіч А.В., Карэнька Г.А., Гук В.І. адзначылі, што ў цэнтры ўвагі органаў пракуратуры вобласці знаходзіліся актуальныя пытанні абароны канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, барацьбы са злачыннасцю і карупцыяй, прафілактыкі правапарушэнняў. Асаблівае значэнне надавалася каардынацыі дзеянняў дзяржаўных органаў і грамадскіх інстытутаў па ахове грамадскага парадку, абароне ўласнасці ад злачынных замахаў, папярэджанні п'янства, алкагалізму і наркаманіі.

Комплексны падыход да арганізацыі прафілактычных мерапрыемстваў дазволіў забяспечыць стабільную аператыўную абстаноўку.

У 2016 годзе на тэрыторыі вобласці зарэгістравана 10855 злачынстваў, што на 442 менш, чым год таму. Пры гэтым скарацілася колькасць цяжкіх цялесных пашкоджанняў, разбойных нападаў, рабаванняў, згвалтаванняў, крадзяжоў маёмасці. Паменшылася колькасць злачынстваў, учыненых паўторна, у стане алкагольнага ап'янення, непаўналетнімі, а таксама ў грамадскіх месцах.

Разам з тым, у асобных рэгіёнах захоўваецца складаная крымінагенная сітуацыя, што абумоўлена як аб'ектыўнымі прычынамі, так і недастатковай працай суб'ектаў прафілактыкі па папярэджанні правапарушэнняў.

У прыватнасці, рост злачыннасці па лініі крымінальнага вышуку адзначаецца ў Расонскім, Лёзненскім, Пастаўскім, Шумілінскім, Дубровенскім раёнах, Кастрычніцкім, Першамайскім раёнах г.Віцебска, г.Наваполацку.

Высокая ўдзельная вага рэцыдыўнай злачыннасці захоўваецца ў Докшыцкім, Чашніцкім, Расонскім, Талачынскім, Аршанскім, Дубровенскім, Верхнядзвінскім, Чыгуначным раёнах.

Адмоўны ўплыў на развіццё крымінагеннай сітуацыі аказвае ўхіленне асобных грамадзян, у тым ліку раней судзімых, ад працоўнай дзейнасці і, як следства, учыненне імі грамадска небяспечных дзеянняў.

Мае патрэбу ў актывізацыі праца праваахоўных органаў па барацьбе з карупцыяй у Лёзненскім і Мёрскім раёнах.

Захоўваюць актуальнасць праблемы аператыўнасці і якасці расследавання крымінальных спраў (Верхнядзвінскі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Лёзненскі, Мёрскі, Аршанскі, Полацкі, Ушацкі, Шумілінскі раёны, г. Наваполацк, г. Віцебск).

Патрабуюць пастаяннай увагі з боку пракурораў пытанні выканання прыродаахоўнага і зямельнага заканадаўства, а таксама эфектыўнасці работы кантралюючых органаў у гэтай сферы.

Прыняцце канкрэтных рашэнняў у мэтах абароны сацыяльных правоў насельніцтва неабходна ў Талачынскім, Полацкім, Ушацкім, Браслаўскім, Докшыцкім, Шумілінскім раёнах.

Па выніках абмеркавання вынікаў пракурорскай дзейнасці калегіяй прынята рашэнне, накіраванае на павышэнне эфектыўнасці наглядных мерапрыемстваў.

Пракурорам у далейшым варта сканцэнтраваць увагу на ажыццяўленні нагляду за выкананнем заканадаўства ў сферы эканомікі, у тым ліку за мэтавым і эфектыўным распараджэннем фінансавымі рэсурсамі пры выкананні дзяржаўных праграм развіцця і мадэрнізацыі вытворчасці, забеспячэннем дысцыпліны разлікаў і скарачэннем дэбіторскай запазычанасці, за выкананнем падатковага, банкаўскага, адміністрацыйнага заканадаўства. Патрабавана спыняць факты безгаспадарчасці, крадзяжоў, скажэння статыстычнай справаздачнасці, бяздзейнасці службовых асоб дзяржаўных органаў і арганізацый у сферы ўцягвання ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемай маёмасці.

Старшы пракурор арганізацыйна-
кантрольнага аддзела
пракуратуры вобласці
Віталія Журба