Заключны этап акцыі «Не пакідайце дзяцей адных!» прайшоў у Бешанковічах

Дзеці – гэта самае дарагое, што можа быць! Без іх наша жыццё было б не поўным, бо калі глядзіш на дзіця, якое ўсміхаецца – адчуваеш сябе выдатна, самому хочацца ўсміхнуцца яму ў адказ. Усё пачынаецца з бацькоў, бо яны далі пуцёўку свайму малому ў гэты свет, а значыць, павінны, абавязаны, дапамагаць і падтрымліваць яго заўсёды і ва ўсім, а не чакаць дапамогі з боку. І калі, не дай бог, нешта адбылося – вінаваціць у гэтым усіх, але толькі не сябе! Не, паважаныя бацькі, бяспека нашых дзяцей – у нашых руках!
1 чэрвеня – Міжнародны Дзень абароны дзяцей і ў гэты святочны дзень у Цэнтральным парку гарадскога пасёлка Бешанковічы было шматлюдна, усім было цікава, што ж на гэты раз падрыхтавалі ім арганізатары.
У гэты дзень бешанковіцкія ратавальнікі сумесна з раённым Домам рамёстваў і аддзелам культуры райвыканкама арганізавалі для дзяцей і іх бацькоў конкурсную праграму, дзе можна было атрымаць не толькі прызы, але і карысныя веды бяспекі. Дзяцей чакала гульня «Твістэр бяспекі», лататрон з хітрымі пытаннямі аб бяспецы, майстар-клас ад выкладчыкаў дома рамёстваў, конкурс лепшага малюнка на асфальце, аквагрым і многае іншае. Бацькам ратавальнікі прапаноўвалі знайсці самыя небяспечныя месцы ў тыпавой кватэры і самым актыўным мамам і татам уручалі наглядна-выяўленчую прадукцыю ад МНС.