Жыхары Бешанковіцкага раёна далучыліся да Адзінага дня добраўпарадкавання
11 кастрычніка бяшанковічы далучыліся да Адзінага дня азелянення. Экалагічная акцыя, ініцыяваная Мінпрыроды, праходзіла па ўсёй краіне.
Мэта акцыі — павялічыць плошчы зялёных насаджэнняў і зрабіць нашы гарады і вёскі больш камфортнымі для жыцця. Гэта важная падзея, якая аб'ядноўвае людзей вакол ідэі захавання прыроды і паляпшэння навакольнага асяроддзя.
У Бяшанковічах удзел у добрай справе прынялі прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, дэпутаты — усяго больш за 20 чалавек. Напярэдадні ўсіх жадаючых запрасіла раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. На пасадку зялёных насаджэнняў выйшлі работнікі райвыканкама, райсавета дэпутатаў, цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, ФСК «Дзвіна», ЦБУ №203 «Беларусбанка».
Агульнымі намаганнямі землякі высадзілі 130 саджанцаў пузыраплодніка каліналістага і кізілiста белага каля дома №25 на вуліцы Чарняхоўскага, дзе ў будучыні будзе добраўпарадкаваны сквер.
Як распавёў начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Карась, яшчэ нядаўна на гэтай мясцовасці былі агароды, выгляд у іх быў непрэзентабельны, таму было прынята рашэнне акультурыць дадзеную тэрыторыю. Тут ужо пасеялі газонную траву, падрыхтавалі аснову пад дарожку. На першым этапе, падчас акцыі, высаджана жывая загарадзь з хмызнякоў. Вясной тут з'явяцца кампазіцыйныя пасадкі.
Удзельнікі Адзінага дня азелянення добра папрацавалі, літаральна за гадзіну намечаны план працы быў выкананы, і ўсе з пачуццём задаволенасці сабраліся на агульнае фота.
«Азялененне — гэта не проста акцыя, гэта наша адказнасць перад прыродай і будучымі пакаленнямі, — падзялілася сваім меркаваннем старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Вольга Фіешка. — Таму разам мы ствараем прастору, у якой будзе прыемна жыць».