Жыццё важней за ўсё
Як дзейнічаць у выпадку пажару? Куды бегчы і што ратаваць? Як не паддацца паніцы? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні павінен ведаць кожны чалавек, бо веданне, як паводзіць сябе ў экстрэмальных сітуацыях, што ўзніклі ў грамадскім месцы ці дома, здольнасць разгледзець іх аб'ектыўна і адпрацаваныя да аўтаматызму дзеянні дапамогуць захаваць нашу самую галоўную каштоўнасць – жыццё. Усе гэтыя пытанні разглядаліся на сустрэчы начальніка ўстановы «Віцебскае абласное ўпраўленне МНС» Мелешкіна Сяргея Мікалаевіча з працоўным калектывам установы аховы здароўя «Бешанковіцкая цэнтральная раённая бальніца».
Спачатку Сяргей Мікалаевіч нагадаў прысутным аб неабходнасці выканання правіл пажарнай бяспекі ў быце, затым ён азнаёміў з дзеяннямі ў выпадку узнікнення пажару, паказаў, як правільна карыстацца першаснымі сродкамі пажаратушэння.
У сваім выступленні начальнік абласнога падраздзялення МНС распавёў аб надзвычайных сітуацыях, што адбыліся ў гэтым годзе, аб прычынах гібелі людзей на пажарах, адзначыўшы, што менавіта чалавечая бяспечнасць з'яўляецца галоўным фактарам узнікнення няшчасных выпадкаў.
Асобная ўвага была нададзена забеспячэнню бяспекі дзяцей. Бо адзін няправільны крок
неўважлівасць і легкадумнасць бацькоў могуць абярнуцца трагедыяй. Работнік МНС заклікаў дарослых ні ў якім разе не пакідаць дзяцей без нагляду, кантраляваць іх баўленне часу, быць прыкладам для пераймання і пастаянна нагадваць аб правілах бяспечных паводзін дома, на вуліцы.
Хочацца адзначыць, што візіты кіраўніцтва Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС у розныя раёны вобласці ўжо сталі традыцыйнымі. Такая ўсеагульная пільная увага да выканання правіл бяспекі ў розных сферах жыццядзейнасці грамадства не здзіўляе, бо кожны чалавек жадае захаваць самую галоўную сваю каштоўнасць — жыццё.