Раённы Дом культуры Палац Храптовічаў Бешанковіцкі райвыканкам Курган Славы Бешанковіцкі
Раённы Дом культуры
Раённы Дом культуры
Палац Храптовічаў
Бешанковіцкі райвыканкам
Курган Славы
Бешанковіцкі
Галоўная / Рэгіён / Гісторыя

Гісторыя

   Бешанковіцкі раён мае багатую гісторыю і глыбокія культурныя традыцыі.

  Каля 11 тысяч гадоў назад прыйшоў чалавек на Бешанковіцкую зямлю, вызваленую ад лёду, засяліў яе, пабудаваў свае паселішчы. Жыў сваёй працай, змагаўся з ворагамі, якія не раз прыходзілі да нас, спадзеючыся на багатую здабычу.

   Упершыню паселішча згадваецца ў гістарычных крыніцах ў 1447 годзе: «У 1447 годзе Казімір IV у памяць выратавання сваёй жонкі ў дваццаты дзень ліпеня загадаў пабудаваць у Беларусі шэсць цэркваў у імя Ільі - прарока па берагах рэк Дзвіны, Дняпра, Сожа: у Віцебску, Бешанковічах, Магілёве, Крычаве, Оршы».

   У другой палове 15 стагоддзя Бешанковічы ўваходзілі ў Крывінскую воласць Полацкага ваяводства. Каля 1490 года вялікі князь літоўскі Казімір Ягелончык падарыў маёнтак Бешанковічы ў нашчадкавае валоданне князю Сакалінскаму. З тых часоў больш за 100 гадоў вёска належала князям Друцкім-Сакалінскім. Бешанковічы ўваходзілі ў склад Полацкага княства, а з 1504 года - Полацкага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. У 1552 годзе ў Бешанковічах было 34 двары.

    У 1605 годзе Сакалінскі прадаў Бешанковічы шляхціцам Язерскім, ад якіх ў 1615 годзе Бешанковічы перайшлі да аршанскагамаршалка Адравонжа. У 1630 годзе Бешанковічы разам з іншымі маёнткамі былі набытыя канцлерам ВКЛ Львом Сапегам. Амаль два стагоддзі прадстаўнікі гэтага роду былі звязаны з Бешанковіцкімкраем.

    З 14 ліпеня 1632 года Бешанковічы становяцца ўласнасцю сына Льва Сапегі - Казіміра Львовіча Сапегі. З яго імем звязана развіццё гарадскога строя і гандлю ў Бешанковічах. Дзякуючы новаму ўладальніку мястэчка ў 1634 годзе атрымала Магдэбургскае права. Гэта дазваляла Бешанковічам ладзіць два кірмашы ў год.

    Сюды з'язджаліся да 4-5 тысяч чалавек з Прыдзвіння, Прыдняпроўя, іншых гарадоў і мястэчак, - як з тэрыторыі сучаснай Беларусі, так і сучаснай Расіі, а таксама заходнееўрапейскія купцы.

  У гады Паўночнай вайны 1700-1721 гг. рускі цар Пётр І тройчы спыняўся ў Бешанковічах.

  З сярэдзіны 16-га амаль да канца 18-га стагоддзя Бешанковіцкі край трапіў у валоданне да прадстаўнікоў вялікага і магутнага роду Агінскіх.

  У 1783 годзе Бешанковічы сталі ўласнасцю Храптовіча. Ён пабудаваў тут новы палац, разбіў парк і сад. Гэты палацава-паркавы ансамбль знаходзіцца ў цэнтры г.п.Бешанковічы. Ён складаецца з двух палацаў і парка. Парк у Бешанковічах займаў значнае месца. Ён спускаўся да Заходняй Дзвіны. Згодна з паданнем, у парку пад дубам быў разбіты шацёрНапалеона Банапарта, а сам імператар захацеў начаваць у маёнтку графа Храптовіча.

   Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай з1793 да 1796 г. Бешанковічы ўваходзілі ў склад Лепельскага павета Полацкай губерні. З 1796 г. пасля рэформы адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення Паўла I - сталі цэнтрам воласці ў Беларускай губерні.

  З 1802 г. Бешанковічы становяцца цэнтрам воласці ў Віцебскай губерні, зноў увайшоўшы ў склад Лепельскага павета.

  У Айчынную вайну 1812 года ў Бешанковічах размяшчаўся французскі гарнізон і штаб Напалеона. У ліпені 1812 года Напалеон знаходзіўся ў Бешанковічах разам з італьянскім віцэ-каралём Яўгенам Богарнэ і неапалітанскія каралём Мюратам. Разам з Богарнэ падарожнічаў германскі мастак Альбрэхт Адам, захавалася яго карціна «Напалеон і яго войскі пад Бешанковічамі».

   Бешанковічы былі вызваленыя ад французаў 20 кастрычніка 1812 года рускімі войскамі на чале з генералам Вітгенштэйнам.

   У 1823 годзе ў Бешанковічах сяляне зладзілі бунт.

   У 1857 годзе ўзнік пажар, які знішчыў касцёл і царкву Пятра і Паўла.

   У 1868 г. у мястэчку было 392 пабудовы; працавала народнае вучылішча, 2 гарбарні, піваварнае прадпрыемства, 115 крам.

  У 1876 году мястэчка наведаў знакаміты дырыжор, кампазітар, мастак Напалеон Орда, які пакінуў цудоўны малюнак палаца Храптовіча.

  У 1897 годзе ў Бешанковічах былі 1 099 будынкаў, працавалі пошта, тэлеграф, школа, 3 народных вучылішчы, 127 лавак, бальніца.

  У 1917 годзе ў Бешанковічах была ўсталяваная савецкая ўлада.

  У 1922 годдзе Бешанковічы моцна пацярпелі ад пажару. Згарэла 90% будынкаў. У 1931 году ад яшчэ аднаго пажару пацярпела сінагога і школа габрэйскай абшчыны.

  У 1924 годзе ўтвораны Бешанковіцкі раён. Бешанковічы становяцца раённым цэнтрам Віцебскай акругі, а з 1938 году - Віцебскай вобласці, атрымаўшы статус гарадскога пасёлка.

 У ліпені 1932 году бюро райкама партыі прыняло рашэнне аб стварэнні раённай газеты. 12 жніўня таго ж года выйшаў першы нумар газеты пад назвай «Сталінец», якая ў 1956-м была перайменавана ў «За Радзіму», а з 1957-га выдаецца пад назвай "Зара».


Вялікая Айчынная вайна на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна
Першыя сілы праціўніка з'явіліся ў Бешанковіцкім раёне 4 ліпеня 1941 года. На працягу некалькіх дзен вяліся жорсткія баі, але сілы былі не роўнамі і да 9-го ліпеня ўся тэрыторыя раёна была акупіраваная. Акупацыя працягвалася амаль 3 гады, і за гэты час фашыстамі было знішчана больш за дзесяць тысяч жыхароў, больш за дзве тысячы вывезена ў Германію, спалена 40 весак.
У 1941 годзе немцы, рэалізуючы нацысцкую праграму знішчэння яўрэяў, стварылі на тэрыторыі раёна 4 гета.
Восенню 1941 года на Прыдзвінні пачаў дзейнічаць першы партызанскі атрад. У розны час на тэрыторыі Прыдзвінскага краю праводзілі аперацыі удзельнікі партызанскіх брыгад 1-й Віцебскай, "За Савецкую Беларусь", імя Данукалава, 2-й Беларускай імя Панамарэнкі, імя Леніна, імя Чапаева, лёзненскай і чашнікскскай "Дубравы".
З верасня 1942-га па май 1944 года на тэрыторыі раёна дзейнічаў падпольны райкам Камуністычнай партыі Беларусі, выдавалась падпольная газета "Сталінец".
У канцы 1944 года войскі 6-й гвардзейскай і 43-й армій Першага Прыбалтыйскага фронта, працягваючы імклівае наступленне ў рамках аперацыі "Баграціён", выйшлі да Заходняй Дзвіны на тэрыторыі нашага раёна і пачалі яе фарсіраванне. Пад ударным агнем савецкім салдатам атрымалася пераправіцца праз раку і аб'яднацца з 39-й арміяй Трэцяга Беларускага фронту.
Вызваленне раёна далося нялёгка, сотні нашых воінаў не вярнуліся з палёў бітваў, але выстаялі, адкінулі праціўніка, замкнуўшы яго ў кальцо, званае віцебскім «катлом». Увечары 25-га чэрвеня 1944 года былі вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Бешанковічы, 26-га чэрвеня - увесь раён.
     За мужнасць і гераізм, праяўленыя пры вызваленні Прыдзвіння, звання Героя Савецкага Саюза ўдастоены больш за сто пяцьдзесят воінаў Чырвонай Арміі, 24 з іх - пасмяротна. Дваццаць чатыры герои-вызваліцелі, дзве з паловай тысячы салдат знайшлі свой апошні прытулак у брацкіх магілах на тэрыторыі нашай зямлі.
     Сем жыхароў нашага раёна сталі Героямі Савецкага Саюза. Золатам ўпісаны ў гісторыю нашай краіны імёны Міхаіла Амосавіча Высагорца, Івана Іванавіча Строчка, Міхаіла Мікалаевіча Ткачэнка, Льва Міхайлавіча Даватара, Канстанціна Антонавіча Абазоўскага, Паўла Мінаевіча Раманава, Васіля Антонавіча Тышкевіча. Многія землякі ўзнагароджаны медалямі і ордэнамі.
У Бешанковіцкім раёне свята захоўваюць памяць пра людзей, якія аддалі жыццё за свабоду і незалежнасць Айчыны. Штогод і ў будні, і ў святы нізка пакланіцца іх праху і ўскласці вянкі і кветкі да падножжа воінскіх пахаванняў і помнікаў воінскай славы прыходзяць тысячы жыхароў і гасцей раёна.
       Усяго на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна 49 воінскіх пахаванняў і 38 помнікаў воінскай славы.
   Самыя масавыя пахаванні ў Астроўна - 502 і 300 пахаваных, Дуброва - 333 пахаваных, Узрэчча - 216 пахаваных, Ула - 320 пахаваных, Задарожжа - 248 пахаваных.
   У канцы 50-х гадоў на месцы пахавання 216 байцоў Чырвонай Арміі ў в.Узречча, якія змагаліся за вызваленне раёна, сярод якіх 8 Герояў Савецкага Саюза, быў усталяваны памятны знак. У 2008 годзе напярэдадні Дня Незалежнасці пасля рэканструкцыі тут быў адкрыты мемарыяльны комплекс «Узрэчча».
   На схіле змешчана мемарыяльная дошка з надпісам: "У гэтым раёне 24 чэрвеня 1944 воіны 6-й гвардзейскай арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту фарсіравалі Заходнюю Дзвіну, захапіўшы плацдарм на левым беразе».

Інтэрнэт-рэсурсы