28 мая 2024
Дарогу да жывой
вады! Бешанкавічан хвалюе стан лясной дарогі, якая вядзе да крыніцы
Камфорт, створаны наяўнасцю
цэнтралізаванага водазабеспячэння, уласнай свідравіны ў двары, напэўна, ніколі
цалкам не заменіць адчуванне яднання з прыродай, якое адчуваеш, спатольваючы
смагу жыватворнай вадой з простага вясковага калодзежа або натуральнай прыроднай
крыніцы. Аматараў выпіць крынічнай вады нямала сярод бешанкавічан.
Крынічка
ж у ваколіцах раённага цэнтра (недалёка ад Ніжняга Крывіна) карыстаецца
папулярнасцю не толькі ў мясцовых, сюды назапасіцца крышталёва чыстай і смачнай
вадой зазіраюць і жыхары абласнога цэнтра. Адпачыць ад гарадскога шуму,
адасобіцца ў цішы соснаў і елак, палюбавацца прыгажосцю лісцянага лесу —
крыніца дорыць людзям не толькі чыстую ваду, але і радасць зносін з прыродай.
Гэта не проста крыніца пітной вады, а жывая нітка, што звязвае нас з мінулым і
будучыняй.
Некаторы
час таму неабыякавыя землякі вырашылі ўладкаваць доступ да крыніцы. Многія
пагадзіліся — справа патрэбная, важная. Да працы прыступілі талакой.
Камунальнікі вырабілі лесвіцу, даглядаць за ёй дапамагае лясгас, дарожная
служба выдзеліла грэйдэр, каб прывесці ў парадак пад'язную дарогу. Свой уклад
унеслі эколагі, многія бешанкавічае, хто і што мог: набыць фарбу, пафарбаваць
парэнчы... Крыніца змянілася. На вынік сумесных намаганняў люба-дорага
паглядзець!
Аднак
днямі ў рэдакцыю зазірнула жыхарка райцэнтра Аляўціна Паўлоўская, якая
папрасіла журналістаў звярнуць увагу на лясную дарогу, якая вядзе да крыніцы.
"Ямка на ямцы, немагчыма праехаць, ды і саму лесвіцу не перашкаджала б
падправіць", — наракала жанчына.
Па гарачых
слядах выехалі на месца. Так, сапраўды, пад'язная дарога была не ў лепшым стане
і патрабавала гаспадарскай рукі. Што тычыцца спуску да вады, то тут можна і
паспрачацца, за ім даглядаюць, гэта відавочна. Звязаліся з раённымі службамі,
якія калісьці ўжо аказвалі дапамогу ў добраўпарадкаванні прыроднай крыніцы.
Дырэктар Бешанковіцкага лясгаса Мікалай Серабро паведаміў, што працаўнікі
прадпрыемства па меры неабходнасці дапамагаюць клапаціцца пра крынічку, але не
маюць адпаведнай тэхнікі, каб прывесці ў парадак дарогу. Не знаходзіцца яна на
балансе і ў філіяла "Бешанковіцкае ДРБУ №110" КУП
"Віцебскаблдарбуд". "Калі просяць аб дапамозе, мы не адмаўляем,
— кажа дырэктар філіяла Аркадзь Гушча. - Як толькі будзе заяўка, адправім грэйдэр".
Спадзяемся,
службы дамовяцца паміж сабой. Хацелася б, каб такія крышталёва чыстыя крыніцы
роднай зямлі па-ранейшаму заставаліся добраўпарадкаванымі і радавалі сваіх
наведвальнікаў.
"Зара"