Бешанковіцкі раённы выканаўчы камітэт

Адрас райвыканкама: 211361, Віцебская вобласць, г.п. Бешанковічы, вул. Чуклая, 13

Тэлефон прыёмнай: 8 (02131) 6-42-45

E-mail: priemnay@beshenkovichi.gov.by

Курган Славы Палац Храптовічаў Раённы Дом культуры Бешанковіцкі Бешанковіцкі райвыканкам
Курган Славы
Курган Славы
Палац Храптовічаў
Раённы Дом культуры
Бешанковіцкі
Бешанковіцкі райвыканкам
18 мая 2024

Любові да спорту і сакрэтам даўгалецця вучыць хлопчыкаў і дзяўчынак СШ №2 г.п.Бешанковічы Мікалай Ружынскі

Перамогі і дасягненні спартсменаў-землякоў заўсёды выклікаюць пачуццё гонару і ўдзячнасці за іх самаадданую працу і, несумненна, талент, упартасць, нязломную сілу волі. З чаго ж усё пачынаецца? Першыя крокі ў свет спорту мы робім яшчэ ў школе з падказкі бацькоў або педагогаў. Напярэдадні свята ўсіх прыхільнікаў спорту зазірнулі "ў госці" ў трэнерскі пакой СШ №2 райцэнтра і пагутарылі з тым, хто штодня трэніруецца сам і вучыць гэтаму іншых, выхоўваючы здаровае і моцнае пакаленне суграмадзян.
Настаўнік фізічнай культуры і здароўя Мікалай Ружынскі сваё жыццё прысвяціў спорту. За плячыма - больш за 20 гадоў стажу. На педагагічную сцежку прывёў прыклад мамы, настаўніцы пачатковых класаў. "Родам я з Свечы. Пасля школы паступіў у ВДУ імя П.М.Машэрава, скончыў ВНУ і вярнуўся на радзіму, каб вучыць дзяцей любові да фізкультуры і спорту, — распавядае сваю гісторыю Мікалай Віктаравіч. — Пачынаў педагагічную дзейнасць у спартшколе, затым працягнуў у Паўазер'і, Свечы, гімназіі і сягоння — у другой школе райцэнтра. Вядома, у дадзенай прафесіі не без складанасцяў, але наогул я не шкадую аб выбары жыццёвага шляху. Можа быць, у чымсьці іншым былі б іншыя вынікі. Аднак і тут нямала падстаў для гонару. Сёлета, напрыклад, Уладзіслаў Раманчук на рэспубліканскай алімпіядзе па фізічнай культуры ўзяў дыплом другой ступені. Мацвей Кузьмініч стаў чэмпіёнам рэспублікі па зімовым мнагабор'і "Здароўе". Улад летась двойчы выйграваў спаборніцтвы рэспубліканскага ўзроўню — мнагабор'і "Здароўе" і "Абаронца Айчыны". Жэня Бурак — наш вядомы юны лыжнік, перамагаў у рэспубліканскіх спаборніцтвах па біятлоне "Снежны снайпер"... Я заўсёды кажу дзецям: трэба ставіць мэту і ўпэўнена ісці да яе, дамагацца вынікаў. А яны з кожным спаборніцтвам дадаюцца, бо няма мяжы дасканаласці".
Спорт — гэта радасць перамог. Але таксама гэта перамога над сабой, штодзённая праца на шляху да самаўдасканалення. Майстэрства прыходзіць у выніку штодзённых трэніровак. Мікалай Ружынскі ўпэўнены, неабходна толькі жаданне і граматная арганізацыя сваёй дзейнасці: наведваць трэніроўкі, працаваць над сабой, Быць адказным і дысцыплінаваным. Гэты рэцэпт спартыўнага даўгалецця ён і прапануе дзецям з 5 па 11 класы, а ў гэтым годзе — яшчэ і першакласнікам. Бачачы медалі, кубкі, дыпломы, што ўпрыгожваюць трэнерскую і сцяну каля спартыўнай залы, верыш гэтаму на 100%.
Мікалай Віктаравіч усё больш распавядае пра падапечных, чым пра сябе. Між іншым, у 2022 годзе прозвішча педагога ўпрыгожвала раённую Дошку гонару, і мала каму вядома, што ён — майстар спорту па грэка-рымскай барацьбе, якой захапляўся ў студэнцкія гады. У вольны ад заняткаў час аддае перавагу паездкам на матацыкле або веласiпедзе (на апошнім, дарэчы, прыязджае і на працу), лыжным забегам ці плаванню. Хоць любімага віду спорту М.В.Ружынскі не вылучае, лічачы, што ўсе добрыя.
Чэмпіёна нараджае тое, што ў чалавека ўнутры — жаданні, мары і мэты. І не менш важна здолець сфармаваць іх у дзяцей і выхаванцаў. Жыццё Мікалая Віктаравіча ў спорце таму пацверджанне. Хлопцы з СШ №2 штогод паказваюць добрыя вынікі і перамагаюць на раённай спартакіядзе сярод навучэнцаў школ.
Фізічнаму выхаванню варта надаваць не менш увагі, чым разумоваму, інакш складана канкураваць з іншымі. Спорт заўсёды на піку папулярнасці, бо ён нясе людзям сілу і прыгажосць. Мода на яго ніколі не знікне, таму як гэта не капрыз, а норма для сучаснага паспяховага чалавека. "Нашы дзеці дзякуючы гэтаму адчуваюць прыліў энергіі ў паўсядзённым жыцці, — перакананы Мікалай Віктаравіч. — Яны шчаслівыя, бо захопленыя любімай справай. Так, дзесьці трэба і пераконваць, і ўгаворваць, і заахвочваць, паказваючы, як гэта выдатна сябраваць са спортам.
Лепш за ўсё пачынаць займацца яшчэ ў падлеткавым узросце, а калі не паспелі, то другi самы лепшы час — гэта сёння. Кожны, хто хоча захаваць на доўгія гады здароўе, самаадчуванне, працаздольнасць і паўнавартаснае жыццё, павінен звярнуць увагу на гэты аспект дзейнасці".
Прыемна, калі і педагогі, і самі хлопцы цвёрда вераць у свае сілы, у сваіх спартсменаў, ім перамога, як паветра, патрэбна! І так каштоўна падтрымка, сяброўскае плячо ў момант сур'ёзных спаборніцтваў, калі трэба будзе абараняць гонар роднага краю. "Хочацца выказаць вялікую ўдзячнасць калегам за адданасць прафесіі. Мы робім адну агульную важную справу. Якім будзе маладое пакаленне — шмат у чым залежыць ад нас, — кажа суразмоўца.  — Асабіста для мяне прыклад ва ўсім — старэйшы калега, Аляксандр Падольскі. Аляксандр Сяргеевіч у свае шэсць дзясяткаў гадоў яшчэ і мне пакажа клас. У яго дзіўная любоў да спорту, вытрымка і самавалоданне. Напярэдадні Дня работнікаў фізічнай культуры і спорту хачу пажадаць усім, хто шануе і паважае фізкультуру і спорт, моцнага здароўя, дабрабыту ў сем'ях. Гэта свята ўсіх, хто імкнецца стаць моцным духам і целам, незалежна ад прафесіі і ўзросту! Дзякуй кожнаму за ваш уклад у прапаганду здаровага ладу жыцця і поспехі на спартыўнай ніве! Бадзёрасці духу, невычэрпнай жыццёвай энергіі, аптымізму і веры ў свае сілы, яркіх перамог і заваявання вяршыняў! Выйграем мы або прайграем, усякае бывае. Але нават калі дзесьці ў чымсьці прайгралі, застаюцца добрыя ўспаміны і вопыт на будучыню. Нездарма кажуць, што свой лёс кожны робіць сабе сам".
Далучаемся да віншаванняў і мы. Дарагія спартсмены, вы ўвасабляеце сабой прыгажосць, сілу духу і волю да перамогі. Жадаем вам чэмпіёнскага здароўя, новых рэкордаў, выдатнай фізічнай формы і трэніровак у радасць! Хай на гэтым нялёгкім шляху да вяршыняў спартыўнага Алімпу побач заўсёды будуць аднадумцы і сябры! Са святам!
Больш фота «Зара»

Інтэрнэт-рэсурсы