3 чэрвеня 2024
У Бешанковіцкім
раёне падведзены вынікі спаборніцтва за дасягненне найвышэйшых вынікаў на
вясенне-палявых работах
Падведзены вынікі
раённага спаборніцтва за дасягненне найвышэйшых вынікаў на вясенне-палявых
работах. Традыцыйна яго арганізатарамі выступілі райкам прафсаюза работнікаў
аграпрамысловага комплексу і ўпраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні
райвыканкама.
Безумоўна, якім
будзе ўраджай — 2024 напрамую залежыць ад прафесійнага майстэрства, адказнасці
і аператыўнасці тых, хто вясной, часцяком у няпростых умовах, закладваў аснову
ўраджаю — араў, апрацоўваў глебу, уносіў угнаенні, сеяў... У кожнай гаспадарцы
ёсць свае пераможцы. У маштабах жа раёна лепшымі прызнаныя сем механізатараў.
Узнагародай за шчырую працу для іх сталі падзякі і каштоўныя падарункі. Іх
перадавікам уручыў першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік упраўлення
сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксей Бухаловіч.
У ЗАТ "АСБ
Агра-Наватар" на вяснова-палявых работах вызначыліся адразу два
механізатары. Аляксей Каралін стаў лепшым у раёне на ўзворванні глебы. На 20
мая, дзень заканчэння спаборніцтва, на "МТЗ‑3522" з "ППА‑9-45"
ён узараў 1000 гектараў. А яго калега Аляксандр Спірыдзёнак, працуючы на
"МТЗ‑3022" з "КЧ‑6", выбіўся ў лідары на культывацыі і
дыскаванні глебы. Яго вынік — 900 гектараў.
Лепшым сейбітам
прызнаны Сяргей Гусакоў, працаўнік КСПУП "ПалітаддзелецАгра". На
"МТЗ‑3522" з "АПП-6Д" ён засеяў збожжавымі і зернебабовымі
культурамі плошчу ў 950 гектараў.
На падкормцы
пасеваў азімых культур, кармавых угоддзяў першае месца прысуджана працаўніку
КФХ "Пшанічны Двор" Вадзіму Піліпенку. Яго "РАСА" абышла
2550 гектараў.
Віншаванні з перамогай
на хімічнай праполцы пасеваў прымаў механізатар СУП "Вядзёрава"
Руслан Ярмоленка. На "МТЗ-82" з "ОП‑2500" ён правёў
доглядныя работы на плошчы 1352 гектары.
Лепшых вынікаў
на ўнясенні арганікі дамогся механізатар СУП "Свіціна-ВМК" Фёдар
Заяц. На "МТЗ‑3522" з "МТУ-20" ён унёс пад пасевы 8760 тон
арганічных угнаенняў.
За добрасумленную
працу, адказнае стаўленне да працы падзякай і каштоўным падарункам таксама
адзначаны Дзмітрый Залатуха з Ульскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага каледжа
ім. Л.М.Даватара.
Усе, хто працаваў
на вынік, заслугоўваюць самых пахвальных слоў. Асабісты ўклад кожнага
працаўніка фармуе агульны поспех.
"Дзякаваць
людзям за працу — прыемная і ганаровая місія, — адзначыў Аляксей
Бухаловіч. — Яны заслужылі гэтыя ўзнагароды. Хлебаробы, як і жывёлаводы,
забяспечваюць харчовую бяспеку нашай краіны. І за гэта ім нізкі паклон і вялікі
дзякуй!"
Больш фота «Зара»