Бешанковіцкі райвыканкам Раённы Дом культуры Курган Славы Палац Храптовічаў Бешанковіцкі
Бешанковіцкі райвыканкам
Раённы Дом культуры
Курган Славы
Палац Храптовічаў
Бешанковіцкі
7 мая 2024

Вядучы інжынер Бешанковіцкага ўчастка электрасувязі Сяргей Галавешка ў сферы сувязі працуе больш за 20 гадоў

Жыццё сучаснага чалавека немагчыма ўявіць без тэлефоннай і паштовай сувязі, радыё, тэлебачання, лічбавых тэхналогій, інтэрнэту. Бо ўсё гэта стала неад'емнай часткай нашай штодзённасці. Сёння ні адной сферы грамадскага жыцця або галіны эканомікі не абысціся без паслуг сувязі і найноўшых інфармацыйных тэхналогій.
Час ідзе, з'яўляюцца навінкі. Але паспяховае развіццё залежыць ад шматлікіх фактараў. Шмат у чым гэта заслуга высокакваліфікаваных спецыялістаў, людзей, адданых сваёй справе. Як, напрыклад, вядучы інжынер электрасувязі Бешанковіцкага ўчастка электрасувязі Віцебскага занальнага вузла электрасувязі Віцебскага філіяла РУП "Белтэлекам" Сяргей Галавешка (на здымку).
Сёлета прозвішча Сяргея Васільевіча ўпрыгожыла раённую Дошку гонару. І ёсць за што! С.В. Галавешка больш за два дзесяцігоддзі прысвяціў гэтаму прадпрыемству і сферы сувязі. Выконвае свае абавязкі ўзорна, ініцыятыўны і добрасумленны. "Любая праблема заўсёды вырашаецца", - гэту фразу Сяргей Васільевіч лічыць жыццёвым крэда.
"Не баяцца браць на сябе адказнасць, аператыўна прымаць рашэнні, увесь час вучыцца новаму, бо ў дасканаласці няма мяжы. Умець планаваць сваю працу і бездакорна выконваць пастаўленыя задачы. А калі што, то і прымаць дапамогу калег, бо робім адну агульную справу. Не спыняцца ні на імгненне. Спыніўся - значыць, ужо не крочыш у нагу з часам", - кажа суразмоўца, чый гнуткі розум, веданне тэхналогій дзівіць і радуе адначасова.
Герой нашага аповеду прайшоў шлях ад радавога электраманцёра да інжынера, што ў адсутнасць начальніка ўчастка выконвае яго абавязкі. Родам з в. Заполле, скончыў Віцебскі політэхнічны тэхнікум, адслужыў у войску і, нядоўга думаючы, вырашыў звязаць жыццё са сферай сувязі. Быў інжынерам рэгіянальнага цэнтра абслугоўвання №4 Мінскага спецыялізаванага тэрытарыяльнага ўпраўлення, радыёмеханікам, электрамеханікам раённага вузла электрасувязі, інжынерам электрасувязі вытворчай лабараторыі, намеснікам начальніка раённага вузла электрасувязі, начальнікам станцыйнага ўчастка і цяпер ён вядучы інжынер прадпрыемства.
Пад кіраўніцтвам Сяргея Васільевіча праведзена кардынальная мадэрнізацыя сродкаў сувязі. Будуюцца і ўводзяцца ў эксплуатацыю новыя сеткі, развіваюцца ўласнымі сіламі сельскія АТС, ідзе пераключэнне абанентаў WLL GSM на правадныя тэхналогіі. Сяргей Васільевіч прымае ўдзел у прыёмцы і засваенні зноў ўводзiмых у эксплуатацыю або пасля капрамонту лінейна-кабельных збудаванняў сувязі, у засваенні новай тэхнікі, ва ўкараненні перадавых метадаў і прыёмаў працы. Каардынуе і кантралюе работу, накіраваную на ўмацаванне працоўнай і вытворчай дысцыпліны. Кіруе работай па падтрыманні і ўдасканаленні на прадпрыемстве бяспечных і спрыяльных для жыцця і здароўя ўмоў працы, захаванню навакольнага асяроддзя ад уздзеяння неспрыяльных вытворчых фактараў…
С.В. Галавешка карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і павагай у кіраўніцтва і калег па працы. Летась, напрыклад, узнагароджаны Ганаровай граматай Віцебскага філіяла РУП "Белтэлекам". Цікавімся, ці ёсць пры такім насычаным рытме жыцця, які патрабуе сфера сувязі, час для сябе? "Знаходзіцца - з усмешкай адказвае сціплы працаўнік. - Я люблю спорт (веласiпед - летам, лыжы - зімой). Захапляюся пчалярствам. Праца на зямлі, догляд за вінаграднікам, прырода - вось мой адпачынак для душы, крыніца сіл і натхнення. Напярэдадні прафесійнага свята хочацца пажадаць калегам моцнага здароўя, поспехаў у працы і пошуку такой жа крыніцы энергіі і аптымізму. Жыццё не стаіць на месцы. Сёння мы бачым вынік працы многіх пакаленняў навукоўцаў, інжынераў, тэхнікаў і работнікаў галіны - сучасныя інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі. Сувязь ахоплівае практычна ўвесь свет, з яе дапамогай накіроўваюць караблі і самалёты, ратуюць людзей, даведаюцца навіны з розных куткоў нашай планеты і, вядома, трымаюць сувязь адзін з адным. Дык няхай жа любімая справа прыносіць толькі радасць і задавальненне, а для новых здзяйсненняў заўсёды хапае сіл! Дарагія сябры, шчасця і дабрабыту вам, вашым родным і блізкім!"
«Зара»

 

Інтэрнэт-рэсурсы