Бешенковичский районный исполнительный комитет

***

17 декабря 2012

***

Дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” ў 16-ты раз стартавала ў Беларусі. Праходзіць яна сёлета з 10 снежня па 11 студзеня. У межах акцыі кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, прадстаўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў наведваюць дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, апякунскія, прыёмныя сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, дзіцячыя бальніцы і ўручаюць дзецям падарункі.   Цэнтральнай падзеяй акцыі стане навагодняе свята ў Палацы Рэспублікі, мяркуецца, што ўдзел у ім прыме кіраўнік дзяржавы. Мерапрыемства запланавана на 26 снежня. Удзельнікамі свята стануць больш за 2 тысячы дзяцей з усіх рэгіёнаў краіны: пераможцы алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў, лідары дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый, дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, дзеці-інваліды, дзеці са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў.

 Ад нашага раёна вылучаны тры кандыдаты, якія паедуць на галоўную елку краіны. Такі гонар выпаў Анастасіі Вярцёлцы з СШ №2 райцэнтра. Шасцікласніца з’яўляецца пераможцай конкурсаў “Кенгуру”, “Буслік”, “Жураўлік”, прымае актыўны ўдзел у канцэртах Бешанковіцкай дзіцячай школы мастацтваў, вучыцца на 9-10 балаў. На дабрачыннае свята накіруецца пяцікласніца СШ №1 райцэнтра Вікторыя Гнеўка, якая выхоўваецца ў прыёмнай сям’і.

 У госці да Дзеда Мароза паедзе таксама гімназіст Андрэй Пячэрскі. Пяцікласнік вызначаецца актыўнасцю ў жыцці навучальнай установы. Андрэй перамог у турніры знаўцаў “Нашы песняры”, заваяваў 1-е месца на песенным конкурсе “Усё пачынаецца з матулі”, быў лепшым у конкурсе чытальнікаў вершаў, а таксама праявіў сябе ў конкурсах “Кенгуру”, “Буслік”.