Бешенковичский районный исполнительный комитет

***

5 февраля 2013

***

    Нягледзячы на прафілактычную работу па папярэджанні пажараў, траўматызму і гібелі людзей на іх, аператыўная абстаноўка ў краіне сёлета выклікае трывогу. Па стане на 23 студзеня, напрыклад, адбыліся 495 пажараў, больш за дваццаць штодзень. У агні загінулі 107 чалавек, у тым ліку 6 дзяцей: 5 – у Мінскай вобласці, 1 – у Магілёўскай.

    А 28 студзеня ў 12  гадзін 19 хвілін трывожны званок празвінеў у Аршанскім аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Выратавальнікаў выклікалі на пажар, які ўзнік у жылым доме, размешчаным у вёсцы Чырвоны Бераг Усцянскага сельсавета.

   Калі пажарныя прыехалі да месца выкліку, абкладзены цэглай драўляны жылы дом гарэў ва ўсю, існавала пагроза выбуху газавага балона. Са слоў суседзяў было вядома, што ў хаце знаходзяцца чатыры чалавекі: гаспадар 1987 года нараджэння, гаспадыня 1966 года нараджэння, яе дачка-інвалід  1987 года нараджэння і сын 2010 года нараджэння.

   На жаль, выратаваць нікога з іх не падалося. Агонь часткова знішчыў столь, маёмасць, сцены, дах, што пры жаданні можна было б аднавіць. А вось людзей ужо не вернеш…

    — Адным з дзейсных спосабаў абароны ад пажараў і гібелі на іх людзей з’яўляецца правядзенне адрасных мерапрыемстваў па абследаванні домаўладанняў, рамонце печаў і электраабсталявання, — расказвае інспектар па прапагандзе раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Васіль Міхайлавіч Галыня. — Пажарныя рэгулярна праводзяць акцыі, месячнікі па выяўленні трывожных адрасоў. Тым не менш, многія грамадзяне вучацца толькі на ўласных памылках. 

    Як вядома, зімой гаспадары прыватных дамоў больш інтэнсіўна эксплуатуюць печы. Пры гэтым трэба памятаць, што іх нельга перапальваць: лепш працепліць у меру некалькі разоў за дзень, чым адзін раз, але крайне. Дымаход рэкамендуецца чысціць не толькі перад ацяпляльным сезонам, але і ў час яго, не радзей як адзін раз у тры месяцы. Інакш там проста загарыцца сажа. Не прымяняйце для распальвання лёгкаўзгаральныя вадкасці. Каб ад вугалёў, якія могуць выпасці з топкі, не загарэлася падлога, перад дзверцай неабходна прыбіць металічны ліст памерам 50х70 см. Вядома ж, нельга тапіць печ, якая разбураецца. Але і самастойна займацца яе рамонтам выратавальнікі таксама не раяць.

      Яшчэ адна праблема – злоўжыванне алкаголем. Сяброўства з “зялёным зміем” таксама даволі часта заканчваецца трагедыяй. Неасцярожнасць у абыходжанні з агнём пры курэнні ў нецвярозым стане — самая распаўсюджаная прычына пажараў і гібелі на іх людзей.  Большасць такіх здарэнняў адбываецца па адной схеме: выпіў, закурыў, прылёг на ложак, заснуў і… больш не прачнуўся. Як правіла, людзі ў нецвярозым стане страчваюць кантроль над сітуацыяй. Катэгорыя такіх “аматараў пакурыць і выпіць” ставіць пад пагрозу не толькі іх уласнае жыццё і бяспеку, але і бяспеку блізкіх, суседзяў.