Районный Дом культуры Курган Вечной Славы Дворец Хрептовичей (Бешенковичская ДШИ) Аллея Героев Бешенковичский райисполком ул.Молодёжная Магазин "Бешенковичский" Озеро Островенское Центральная площадь
Районный Дом культуры
Районный Дом культуры
Курган Вечной Славы
Дворец Хрептовичей (Бешенковичская ДШИ)
Аллея Героев
Бешенковичский райисполком
ул.Молодёжная
Магазин "Бешенковичский"
Озеро Островенское
Центральная площадь
Главная / Регион / История / Каменный век

Каменный век

Каменны век на тэрыторыі Бешанковіцкага краю 

Археалагічныя помнікі 

1. Мезаліт.

Першыя паселішчы, знойдзеныя ў Бешанковіцкім раёне адносяцца да мезаліту, сярэдняга перыяду каменнага веку (9 – 5 тысячагоддзі да н. э.). Скончылася ледавіковая эпоха, клімат пачаў цяплець і набыў сучасныя рысы. Мезалітычныя стаянкі звычайна размяшчаліся на карэнных берагах рэк. Найбольш зручным месцам для паселішчаў былі мысы пры зліцці рэк, або пры ўпадзенні ракі ў возера.

Стаянка эпохі мезаліту была выяўлена і даследавана ў 1933 годзе К. М. Палікарповічам каля былой вёскі Крыжы, на правым беразе Заходняй Дзвіны (зараз Віцебскі раён). Тут знойдзены крамянёвыя сякеры, тронкавы наканечнік стралы, нажы, скрабкі, косці высакароднага аленя. Рэшткі паселішча мезаліту выявіў М. М. Чарняўскі каля вёскі Асавец. Каля 8 тысячагоддзяў назад на паўночным беразе возера, якое існавала на месцы Крывінскага тарфяніку, пасяліўся невялікі калектыў людзей, узброены лукамі з лістападобнымі крамянёвымі наканечнікамі стрэл.

2. Неаліт. 

Поўнасцю засяліў першабытны чалавек тэрыторыю раёна ў неаліце (4 – пачатак 2-га тысячагоддзя да н. э.). Насельніцтва нашага краю ў гэты час адносілася да нарвенскай культуры. Прычым, на тэрыторыі раёна ў сярэдзіне 3 тысячагоддзя да н. э. утварыўся асобы (крывінскі) варыянт, які беларускія вучоныя называюць усвяцкай культурай. Чалавек у гэты час туліўся да вады. Азёры, ручаі і рэкі служылі натуральнымі шляхамі зносін паміж непраходнымі зараснікамі і балотамі. Тут вадзілася рыба, раслі ядомыя расліны. Каля вады трымаліся птушкі, былі звярыныя вадапоі. Значная група такіх паселішчаў выяўлена каля вёскі Асавец. Гэтыя стаянкі-вёсачкі былі невялікія, складаліся найчасцей з двух-трох хацін. Іх жыхары займаліся рыбалоўствам, паляваннем і збіральніцтвам.

Права называцца адкрывальнікамі старажытных паселішчаў Крывінскага тарфяніка належыць беларускім археолагам К.М. Палікарповічуі і А.Д. Каваленю.

Яны ў 1934 годзе выявілі тут неалітычныя паселішчы, якія атрымалі назвы Крывіна-1 і Асавец-1. Наступныя даследаванні былі праведзены К.М. Палікарповічам у 1939 годзе. На стаянцы Крывіна-1 былі закладзены тры раскопы плошчай 60 кв. метраў. У 1959 годзе помнікі Крывінскага тарфяніку даследавалі П.А. Прыбыткін, Я.Г. Галанава, Н.А. Шпакоўская, В.Н. Рабцэвіч, А. А. Бурачэўскі. Былі закладзены два раскопы агульнай плошчай 65 кв. метраў і выяўлены шматлікія вырабы з крэменю, каменю, косткі, рогу, дрэва. У 1960 годзе на стаянцы Крывіна-1 экспедыцыяй на чале з П.А. Прыбыткіным закладзены раскоп плошчай 65 кв. метраў і выяўлена стаянка Крывіна-2, якая даследавалась Э.М. Зайкоўскім у 1980 і 1981 гадах. Да сярэдзіны 60-х гадоў на помніку Крывіна-1 было даследавана больш за 525 кв. метраў У 1966 годзе ў Асавец прыехаў малады супрацоўнік Інстытута гісторыі – Міхаіл Міхайлавіч Чарняўскі. Раскопкамі асавецкіх паселішчаў ён займаецца больш чым 40 гадоў. З 2000-га года тут працуе і яго сын – Максім Міхайлавіч Чарняўскі. Пачаліся работы летам 1966 года і працягваюцца да цяперашняга часу. Такім чынам на Крывінскім тарфяніку знойдзены і даследаваны больш за 10 старажытных паселішчаў часоў неаліту і бронзавага веку.


Паселішча Асавец-2 перад пачаткам раскопак. Культурны пласт ачышчаны ад пакрываючай тарфяной тоўшчы і падзелены калочкамі на мятровыя квадраты. За сеткай квадратаў стаяць удзельнікі раскопак – вучні Дабрыгорскай школы. 1966 год.

Расказвае М. М. Чарняўскі: 

– Вось ужо шмат гадоў на Крывінскім тарфяніку, што на мяжы Бешанковіцкага і Сенненскага раёнаў на Віцебшчыне, праводзяцца археалагічныя раскопкі.

Тысячагоддзі назад на месцы тарфяніка разлівалася шырокае возера з затокамі і астравамі, злучанае з недалёкай Дзвіной рэчкай. Наваколле вылучалася разнастайнасцю ландшафтаў і жывёльнага свету. Гліністыя ўзгоркі, пясчаныя нізіны, прыбалаці пакрывалі хвойнікі і яліннікі, бярэзнікі, купы асін і цёмныя альшаннікі, а між імі ўкараняліся дубнякі. Такое разналессе давала прытулак шматлікай дзічыне, сярод якой асаблівае месца займалі алені і ласі, зубры і туры, дзікі. Узбярэжжы асвоілі бабры. Возера і рэчка поўніліся рыбай. Спрэс было мноства вадаплаўных і лясных птушак. У наваколлі мелася шмат і расліннай ежы, асабліва лясных і вадзяных арэхаў, грыбоў і ягад.

Такая жыццядайная мясціна вабіла першабытнага чалавека. Каля 8 тысячагоддзяў назад на паўночным беразе возера пасяліўся невялікі калектыў сярэднекаменнага - мезалітычнага часу. 6 тысяч гадоў назад, калі вада яшчэ залівала ўсю катлавіну тарфяніка, на адным з прыбярэжных узгоркаў заснавалася большая стаянка людзей новага каменнага веку – неаліту. У гэты час упершыню пачалі ляпіць і выкарыстоўваць гліняны посуд, у якім гатавалі страву і захоўвалі розныя прыпасы.

Каля 4-х тысяч гадоў назад, калі клімат у Беларусі пасушэў, возера пачало мялець і адступаць ад берагоў, затарфоўвацца на ўскраінах. Услед за вадой на падсохлыя тарфянікі і пясчаныя павышэнні былога азёрнага дна перамяшчалі свае жытлы і старажытныя людзі. Да таго ж насельніцтва ў гэты час стала болей і яно рассялілася на некалькіх стаянках.

Адно такое, паселішча, якое адносіцца да позняга неаліту і бронзавага веку (5 – 4 тысячагоддзі назад) археолагі выявілі на затарфаваным пясчаным мыску пры вытоку рэчкі. Адкрыццю дапамаглі меліяратары – каналам перарэзалі тарфяную тоўшчу, а пад ёй выявіліся рэшткі паселішча. Тут і вядуцца асноўныя даследаванні.

Знаходкі з крывінскіх стаянак складаюць лепшую частку экспазіцый па каменнаму і бронзаваму вяках Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі. Годнае месца займаюць яны і ў шэрагу іншых музеяў Мінска і гарадоў Віцебшчыны.


Міхась Міхайлавіч Чарняўскі за працай.

 


Максім Чарняўскі. Асавец-2. 2008 год.


Матэрыяльная культура чалавека каменнага веку 

1. Мезаліт. 

Мезалітычны чалавек большасць харчу меў з палявання. Ва ўмовах цёплага клімату, пры наяўнасці незлічонага мноства азёраў, густой сеткі рэк і рэчак, істотнае значэнне набыло і рыбалоўства. Шмат вільгаці і цяпла стварылі максімальна спрыяльныя ўмовы для развіцця расліннасці. Сярод такой разнастайнасці знаходзілася спажыва і для чалавека – лісты, сцёблы, карані, плады. Збіралі людзі лясныя і вадзяныя арэхі, ягады і грыбы, малюскаў, птушыныя яйкі.

2. Заняткі часоў неаліту. 

Жыхары паселішчаў Крывінскага тарфяніка шмат займаліся рыбалоўствам. Пры раскопках трапляюцца тоўстыя напластаванні рыбінай лускі і костак, сярод якіх хрыбеткі шчупакоў і самоў памерамі са срэбны талер. Пра рыбалоўства сведчаць і касцяныя рыбацкія кручкі, гарпуны, грузілы да вуды, а таксама гліняныя грузілы і берасцяныя паплаўкі да сетак. Лавілі рыбу з берага, а найчасцей з лодак. У напластаваннях сустракаюцца абломкі вёслаў, а ў суседняй канаве пастухі знайшлі вывернуты экскаватарам з-пад торфу човен-дзяўбёнку, але не зразумелі яго вартасці. Хваліліся, што добра гарэў.

У культурным пласце Асавецкіх паселішчаў знойдзены косці аленя, лася, зайца, дзіка, барсука, мядзведзя, ваўка, бабра, тура, зубра, казулі, лісы і іншых жывёл і птушак. Гэтыя знаходкі сведчаць аб важным значэнні палявання ў жыцці людзей.

Каменны век – гэта эпоха, калі пераважную большасць прыладаў працы і паляўнічай зброі выраблялі з крэменю. Але поўнач Беларусі вельмі бедная на крамянёвую сыравіну. Таму мясцовае насельніцтва, у тым ліку і на Крывінскім тарфяніку, навучылася большасць гэтага вырабляць з рагоў і костак.


Касцяны гарпун. Асавец-2 Крамянёвы нож. Асавец-2

Пры раскопках тутэйшых стаянак знаходзяць крамянёвыя наканечнікі стрэлаў і коп’яў, нажы, праколкі, аббіваныя і шліфаваныя сякеры, але большасць падобных вырабаў майстравалі з рагоў і костак – самыя разнастайныя наканечнікі стрэлаў і коп’яў, кінжалы, праколкі, востраканечнікі для пляцення рыбацкіх сетак, цяслы, сякеры, рыштунак для апрацоўкі крэменю. І гэты пералік розных вырабаў касцяных і рагавых знаходак можна працягваць.

Пры раскопках Крывінскіх тарфяніковых стаянак найбольш знаходзяць чарапкоў бітага посуду.

Cярод гэтых завалаў смецця знаходзяцца сапраўдныя пярліны старажытнай мастацкай культуры. А па нагару, які тагачасныя гаспадыні і не думалі здымаць, аддзіраць са сценак гаршкоў, навукоўцы зараз могуць дакладна падлічыць, колькі гадоў таму гаршкамі карысталіся і нават якую страву з іх гатавалі. Гаршкі ляпіліся з гліны, у якую для трываласці дабаўлялі дробна тоўчаныя ракавіны. Дно посуду фармавалі вострым і гэта было рацыянальным, бо страву рыхтавалі на вогнішчах з ламачча, між якога ўторквалі гаршкі адмысловым вострым дном.

Мяркуючы па далікатных адбітках пальцаў, начынне ляпілі жанчыны. Гэта было карпатлівай і маруднай справай. Таму начынне, асабліва багата арнаментаванае, шанавалася і бераглося. Калі гаршкі біліся, ці трэскалі, іх рамантавалі, накладаючы на трэшчынкі і зломы бяросту і прашываючы шнурамі праз прасвідраваныя ў сценках адтуліны.


Рэшткі глінянага гаршка. Асавец-2

Жывучы сярод лясоў крывінскае насельніцтва шырока выкарыстоўвала дрэва. З яго будавалі хаты, рабілі агароджы, плялі розныя кошыкі, майстравалі посуд, выраблялі чоўны і г.д., дрэўкі для стрэлаў і гарпуноў, рукаяткі сякер і кінжалаў. Вычэсвалі дошкі для сталоў і днішкі для мяса, рыбы і разбівання арэхаў. І нават чарпакі і міскі. Для вырабу іншага начыння служыла кара, асабліва бяроста.

Жытлы былі наземныя. Аснову такіх хацін складаў шэраг вертыкальна ўвагнаных у зямлю даволі тоўстых слупоў з развілінай-расохай уверсе. У расохі клалася гарызантальная жэрдка-кладзь. Да яе з двух бакоў прыстаўляліся нахіленыя жэрдкі, замацаваныя ў зямлі завостранымі канцамі. Да жэрдак гарызантальна прыладжваліся тонкія папярэчыны-латы. Так утвараўся каркас страхі, які затым накрываўся карой і трыснягом. Паселішчы размяшчаліся на тарфяніку, а людзі здаўна былі знаёмы з неўтаймаванай стыхіяй тарфяных пажараў. Таму агнішчы рабілі адмысловыя. З пластоў яловай або сасновай кары над торфам высцілалася шырокая пляцоўка. На яе насыпалі тоўсты пласт пяску – ладзілі тэрмаізаляцыю. І вось на такой падсыпцы і запальвалі агонь.

На посудзе прыкметныя адбіткі нітак. Значыць, існавала прадзенне і, адпаведна, нейкае ткацтва. На посудзе часам захоўваюцца і адбіткі розных пляцёнак.


Вырабы з косці Крамянёвыя прылады

Духоўная культура чалавека каменнага веку 

1. Рэлігійныя вераванні. 

Першабытны чалавек, як толькі набыў здольнасць мысліць, пачаў задумвацца аб узаемасувязях з’яў і рэчаў у прыродзе, аб сваім месцы ў ёй.

Страх і бяссілле перад магутнымі сіламі прыроды і імкненне іх зразумець, нейкім чынам на іх паўздзейнічаць, прывялі да ўзнікнення рэлігійных вераванняў. Ужо еўрапейскі неандэрталец дзесяткі тысячагоддзяў назад, уражаны няўмольнай наканаванасцю смерці, вёрыў у замагільнае існаванне чалавека. 3 гэтым звязана з’яўленне звычаяў пахавання нябожчыкаў паводле магічнага рытуала.

3 часам сфарміравалася складаная сістэма вераванняў у розныя звышнатуральныя сілы – душы і духаў, якія, быццам, уплывалі на існаванне чалавека і ўсяго навакольнага свету. Гэтыя сілы, як меркавалася, можна было задобрыць падарункамі – ахвярамі, замовамі і адпаведнымі рытуальнымі дзеяннямі – абрадамі.

У гэтай сістэме важнейшае месца займаў культ продкаў, пра што сведчаць не толькі пахаванні, але і выявы людзей на кераміцы, статуэткі. Асабліва вядомыя суродзічы пасля смерці прызнаваліся духамі ахоўнікамі цэлага роду або племені.

Жывучы ў непадзельнай еднасці з прыродай, старажытны чалавек лічыў сваімі родапачынальнікамі некаторых жывёл, такіх як: мядзведзь, лось, качка, бусел.

М. М. Чарняўскі расказвае: 

– У цяжкой і часам небяспечнай штодзённасці мясцовыя жыхары знаходзілі час і на прыгожае і вясёлае, на духоўную творчасць, на роздум аб сусвеце і сваім месцы ў ім. Яны любілі ўпрыгожваць сваё цела і вопратку рознымі аздобамі, як мужчыны, так і жанчыны. Пры раскопках знойдзены разнастайныя ўпрыгожанні. Гэта шматлікія падвескі з упаляваных жывёл, у тым ліку і мядзведжых іклаў, падвескі і пацеркі з костак, касцяныя арнаментаваныя колцы. Як сёння золата, так у даўнейшыя часы цаніліся бурштынавыя аздобы, што трапілі на наша Падзвінне з ўзбярэжжа Балтыкі.

Упрыгожанні ўражваюць дасканаласцю формы і апрацоўкі.



Зубы – падвескі. Статуэтка лася.

Уражваюць дасканаласцю выканання і рэалізмам драўляныя і асабліва касцяныя скульптуркі звяроў, змеяў і птушак, і асабліва выявы чалавека. Старажытныя скульптары выразалі статуэткі людзей, як абагульненыя вобразы сваіх суродзічаў. І па іх мы можам бачыць, як выглядалі старажытныя крывінцы – суровыя вусатыя мужчыны з кароткімі бародамі і правільнымі еўрапейскімі рысамі твару.

Гаршкі мелі пераважна сферычную форму і гэтым нагадвалі яйка. А яйку надаваўся глыбокі сакральны (рэлігійны) сэнс – тагачасныя жыхары Беларусі пачынальніцай сусвету лічылі качку, з яйка якой стварыліся зямля і неба, вада і нябесныя свяцілы. З-за гэтага гаршкі аздаблялі рознымі адмысловымі арнаментамі. Большасць якіх мела магічны сэнс, зараз нам у большасці ўжо не зразумелы.

Гліняны посуд акрамя рытмікі геаметрычных арнаментаў аздаблялі і выяўленчымі элементамі – звілістымі сілуэтамі змей, качкамі на азёрных хвалях, танцуючымі чалавечкамі. Для нас усе гэтыя знаходкі – дасканалыя творы першабытнага мастацтва. Для продкаў яны прыносілі не толькі эстэтычнае задавальненне, але найперш былі адлюстраваннем іх вераванняў і светапогляду, дапамагалі акрэсліць сваё месца ў чалавечым калектыве паводле ўзросту, полу, сацыяльнай значнасці. Светапогляд паляўнічых і рыбакоў. Але ў гэтыя адлюстраванні яны ўкладалі свае лепшыя мастацкія здольнасці, адвечнае імкненне чалавека да прыгожага.



Скульптура чалавека. Выява на гаршку качкі, якая  плыве.

Не была чужая крывінцам і музыка. Пра гэта сведчаць жалейкі з костачак птушыных канечнасцяў з прасвідраванымі адтулінамі. Некаторыя з інструментаў арнаментаваныя. А дзе музыка, там пэўна, былі і танцы.

Легендарная Атлантыда, пра якую старажытнагрэчаскаму філосафу Платону распавядалі егіпецкія жрацы, усё яшчэ не знойдзена. А вось Атлантыда Крывінская, размешчаная на Віцебшчыне, спаўна адкрывае свае таямніцы.

Склаў С.Леаненка

Интернет-ресурсы